Наверх

Талент застыў у метале і слове…

06.11.2012 648 Наш край

Крошынскаму да Вінчы – 200 год. Яго імя мы ведаем з падручнікаў беларускай літаратуры – як паэта, адзіны верш якому дазволіў трапіць у вечнасць. Звыклая слава таленавітага чалавека, якога ўзрасціла баранавіцкая зямля, і звыклыя словы пра яго абмяжоўваюць наша ўяўленне пра гэтую гістарычную асобу.

А між іншым універсальнасць і рознабаковасць яго таленту дазваляюць параўнаць Паўлюка Багрыма з легендарным Леанарда да Вінчы. Дый загадкавасць акружае крошынца не меншая – хто ведае, можа, дзе-небудзь захавалася іншая яго творчая спадчына, акрамя адзінага верша і знакамітай жырандолі, якую па праву называюць вершам у метале. 200-годдзе з дня нараджэння паэта і каваля-ювеліра супала з 570-гадовым юбілеем яго малой радзімы.

Пра кавальскае майстэрства паэта па крошынскай зямельцы і сёння ходзяць легенды. Кажуць, быццам аднойчы пан, у якога сапсавалася англійская брытва, выклікаў Паўлюка:

– Аднавіць зможаш?

– А калі новую такую ж зраблю, пане?

Пан, вядома ж, пасмяяўся з самаўпэўненасці вясковага каваля. Але хутка той сапраўды прынёс дзве брытвы.

– Забірайце сваю, пане, аднавіў!

Памешчык доўга не мог вырашыцца, брытвы былі падобныя адна на адну як дзве кроплі вады. Нарэшце ж выбраў – і аслупянеў: на вырабе, калі добра прыгледзецца, можна было заўважыць «аўтограф» мясцовага каваля.

Гэтую гісторыю і шмат чаго яшчэ цікавага расказалі гасцям, якія прыехалі на юбілей, крошынскія дзяўчаты падчас экскурсіі ў школьным музеі народнага мастацтва і рамёстваў, названым у гонар славутага земляка. Сталічныя літаратура- і мастацтвазнаўцы, вучоныя, мастакі з замілаваннем глядзелі на маленькіх экскурсаводак – колькі фактаў з біяграфіі Багрыма ўмяшчаецца ў іх разумненькіх галоўках!

Адзін з экспанатаў – фрагменты агароджы, каваў якую, як сцвярджаецца, Паўлюк Багрым. Прыглядаюся да яе металічных завітушак – не жырандоля, зразумела, але ж метал таксама «спявае»: глядзіш на яго і адчуваеш лёгкасць, узнёсласць, як быццам чытаеш вершаваны радок. А калі бу-
дзеш яшчэ больш уважлівым, разгледзіш як след адбіткі кавальскага молату, – зможаш уявіць майстра за працай. У метале на стагоддзі застылі таропкія, але верныя рухі каваля.

Пасля экскурсіі ў школе адбыўся прысвечаны Багрыму круглы стол. Выступалі паэты, навукоўцы, іншыя прад-стаўнікі інтэлігенцыі з Мінска. Выступалі і вучні крошынскай школы. Верш у гонар Паўлюка Багрыма, чытала які Іра Еўсявіцкая, проста зачараваў сталічных творцаў.

Ушанавалі памяць паэта і на мясцовых могілках, дзе стаіць Багрымаў помнік. Дарэчы, дакладнае месца пахавання крошынскага да Вінчы невядомае, гэтак здаралася з многімі геніямі…

Жалобная хвіліна змянілася вясёлай. Гурт з мінскіх гасцей і мясцовых жыхароў рассыпаўся па вуліцы Паўлюка Багрыма. А там ужо гучыць акардэон, чуюцца прыпеўкі ды жарты… На вуліцы – свята. Мясцовая гаспадыня Лідзія Кораб адплясвае ды заклікае «госцейкаў» пакаштаваць крошынскіх прысмакаў:

– Чым багата, тым і рада!

Лідзія Адамаўна, акрамя таго, што адмыслова гатуе, мае славу мясцовай умеліцы. Шаноўная публіка магла ўпэўніцца ў яе здольнасцях – экспанаты, зробленыя з дапамогай нітак і таленту, размяшчаліся побач.

Некалькі крокаў – і тут вас сустракае гасцінная сям’я Бабко, частуе і жадае «Смачна есці!» Аляксандра Бабко добра ведаюць у акрузе, бо носіць ён «Залатую Зорку» Героя Сацыялістычнай Працы. На святочным канцэрце працавітага крошынца запрасілі на сцэну (там, як звычайна, ушаноўвалі самага старэйшага жыхара аграгарадка і самага малодшага, ветэрана, самую маладую сямейную пару…). Пасля слоў удзячнасці Аляксандр Бабко спытаў:

– Ну дык што? Можа, спець вам?

– Давай, Мітрафанавіч! – данеслася з залы.

І Аляксандр Мітрафанавіч з ахвотай прадэманстраваў свой моцны голас.

Увогуле, песень у гэты дзень было шмат – артысты добра папрацавалі, каб двайное свята запомнілася жыхарам Крошына надоўга. Аднак асабліва ўрачыста гучала песня, якая пачыналася са слоў «Зайграй, зайграй, хлопча малы…» Тут і толькі тут гэтак выканаюць песню на словы Паўлюка Багрыма, тут і толькі тут гэтак вам раскажуць пра крошынскага паэта і каваля-ювеліра. Бо менавіта тут, на гэтай зямлі, жывуць людзі, якія ведаюць пра знакамітага земляка многае не з кніжак, а ад сваіх бацькоў. А тыя – ад дзядоў і прадзедаў.

Віншавалі крошынцаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Дзядовіч, старшыня Крошынскага сельвыканкама Таццяна Шчарбацэвіч і кіраўнік мясцовай гаспадаркі Уладзімір Шчарбацэвіч. Словы іх былі напоўнены гонарам за землякоў, якія ўмеюць і вершы пісаць, і зямлю араць, і Радзіму абараняць. За што б ні ўзяліся – усё ў іх атрымліваецца, як атрымлівалася ў самародка Паўлюка Багрыма.

Праз стагоддзі, быццам ад далёкай зоркі, ільецца святло Паўлюковай жырандолі. Яно нагадвае, што былі і ў нашым краі магутныя таленты, падобныя да Леанарда. Былі і будуць.



  • Мы в социальных сетях: