Наверх

Слова пра Слова

06.09.2011 536 Наш край

Некалькі думак пра ганцавіцкую нядзелю

Тэатр «На Мышанцы» выпраўляўся ў дарогу на досвітку: а пятай гадзіне раніцы.

Ля ганку Навамышскага дзяржаўнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці, дзе ён і працуе, паціху збіраліся артысты і рэжысёры. Зорнае неба халодна пазірала на пілігрымаў, што прытоптвалі, ратуючыся ад ранішняй асенняй свежасці. 

У чысценькім салоне «ПАЗіка» дыхалася цяплей, утульней. Дарога да Баранавічаў, дзе чакала яшчэ некалькі выступоўцаў, закалыхвала. 

Слова пра краявіды

З раніцы зямлю ахутаў туман. Цяжкі, ліпучы, вераснёўскі. Патаналі ў ім дрэвы. Злівалася з ім неба. І ужо было не зразумець, дзе той гарызонт.
Малінавы ўсход, нібы палоска салодкага джэму паміж бялковымі шапкамі крэмавага туману. Дэсэрт арыстакратыі. Можа такім пачастункам ласаваліся Вы, пане Адаме? Смачны дзень. Паўнюткі прыгажосцю.

Слова пра этымалогію

Да Ганцавічаў, дзе меўся адбыцца чарговы Дзень беларускага пісьменства, ехаць гадзіны паўтары. Вочы выхопліваюць з прасторы назвы тутэйшых вёсак. Колькі ў іх сакавітасці! Колькі глыбіні, якую разумееш на ўзроўні генетычнай памяці: Азярэчча, Руда, Сіняўка, Карані… Сапраўды, край, на ростанях якога Якуб Колас (сёлета 130-гадовы юбіляр) ствараў свой знакаміты раман, павінен быць цалкам беларускага паходжання. І на філалагічным, настаўніцкім узроўні таксама. Так, дзядзька Костусь? Так да Вас звярталіся Вашыя першыя вучні? 

Слова пра тэатр

Маленькая дэлегацыя выйшла з аўтобуса. Сонца паспела ўжо зрабіць колькі ўпэўненых крокаў уверх па лесвіцы небасхілу.

Артысты рушылі да сцэны, адной з мноства невялікіх пляцовак, што запаланілі цэнтр Ганцавічаў. У якасці дэкарацый выява Адама Міцкевіча, вытрымкі з яго вершаў. Праграма, падрыхтаваная «На Мышанцы», насычана жывапіснымі словамі таленавітага паэта з маляўнічага Завосся. Ільняныя спаднічкі дзяўчат, светлыя порткі мужчын і сакавітыя радкі з «Пана Тадэвуша» – выступленне артыстаў на хвілінку спыняла жыхароў горада, гасцей свята ля сцэны. 

Слова пра горад

Кастрычніцкая вуліца, пазбаўленая аўтамабільнай мітусні, ператварылася ў бесперапынны паток шчасця, радасці і шматкаляровае весялосці. Пырскі смеху траплялі на вясёлкавыя сцены шматпавярховак. Смяшынкі ўзляталі да неба паветранымі шарамі. Бляск вачэй адбіваўся ў празрыстых мыльных пузырах.

Горад, упрыгожаны партрэтамі пісьменнікаў, новым помнікам Я. Коласу, алеяй памятных знакаў з імёнамі тутэйшых талентаў. Горад, дзе амаль кожная шыльдачка з назвай крамы напісана па-беларуску. Ганцавічы з павагай сустрэлі роднае Слова.

Слова пра Слова

Кажуць, можна размаўляць вачыма. Можна – сэрцамі, некаторыя ўмеюць нават душамі. Але незаўсёды варта маўчаць. А голасам па тэлефоне ці лістом да сябра нагадаць пра сябе. Уславіць моц Слова, што ствараецца паважнымі «Ў» ды няскоранымі «І».



  • Мы в социальных сетях: