Наверх

Паэтычную спадчыну Яна Збажыны ўшанавалі ў гарадской бібліятэцы

29.03.2019 737 Наш край

29 сакавіка ў цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя В. Таўлая на вечар памяці з нагоды 55-годдзя паэта Яна Збажыны (сапраўднае імя Іван Савіцкі), сабраліся прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі Баранавічаў: паэты, пісьменнікі, прадстаўнікі устаноў культуры, адукацыі, людзі, неабыякавыя да паэтычнай спадчыныталенавітага земляка.

Гісторык, педагог, пісьменнік, паэт, грамадскі дзеяч, журналіст – дыяпазон інтарэсаў таленавітага земляка ўражвае і вызывае шырую павагу. Яго творы, напоўненыя філасофска-патрыятычнай разважлівасцю, друкаваліся ў беларускіх перыядычных выданнях, у калектыўных зборніках. Пры жыцці паэта выйшаў яго адзіны аўтарскі зборнік паэзіі і прозы “Пыл саркафагаў” у 2004 годзе, які станоўча быў ацэнены крытыкамі.

Паэт рана пайшоў з жыцця, яму не было нават 50 гадоў. На шчасце, ў бібліятэчным архіве захаваліся аўдыязапісы аўтарскага выканання Янам Збажыной сваіх вершаў. Прыхільнікам яскравага паэтычнага таленту, якім, несумненна, валодаў Ян Збажына, у гэты вечар пашчасціла пачуць голас паэта і ўспомніць яго непадробную манеру выканання.

Таксама вершы Яна Збажыны гучалі ў выкананні гаспадароў і арганізатараў вечара – бібліятэчных супрацоўнікаў, паплечнікаў па творчаму цэху.

Песня “Зорка бэзу” на словы Яна Збажыны прагучала ў выкананні вядомага ў Баранавічах творчага дуэту Галіны Ліс і Сяргей Карповіча. Апошні, дарэчы, з’яўляецца аўтарам музыкі да гэтага шчымліва-разважлівага твору.

Цікавасць для аматараў рыфмаванага слова прадстаўляюць паэтычныя эксперыменты Яна Збажыны. Напоўненыя філасофскімі разважаннямі афарызмы, эсэ, трыялеты, санеты, а таксама нетрадыцыйныя для беларускай паэзіі версэты, хоку, танка, якія ўласцівы японскай і кітайскай літаратурнай культуры, не пакідаюць раўнадушнымі і прывабліваюць сваёй шчырасцю і душэўным неспакоем, імкненнем дасягнуть разумення і гармоніі з сабой і Сусветам.

Каханне, сям’я – крыніца і выток натхнення кожнага чалавека. З упэўненасцю можна сцвярджаць, што без прысутнасці гэтых састаўляючых чалавечага жыцця знікне паэзія на Зямлі. Успамінамі пра блізкага чалавека падзялілася з прысутнымі жонка паэта Людміла Мікалаеўна.

Годнай данінай памяці бацькі стаў распрацаваны і выдадзены дачкой паэта Вольгай буклет з інфармацыяй аб асноўных вехах жыцця Яна Збажыны, дапоўнены фотаматэрыяламі і вершам, які, на думку роднага чалавека, выражае сутнасць адносін да жыцця.

У бібліятэчнай зале ў гэты дзень паслухаць вершы паэта і ўспаміны аб ім сабраліся людзі самых розных сацыяльных і ўзроставых катэгорый. Шчыра парадавала, што творчая спадчына таленавітага земляка зацікавіла маладое пакаленне.

Выказаць павагу да памяці Яна Збажыны завіталі прадстаўнікі паэтычнай суполкі “Купальскія зоры”, удзельнікі Баранавіцкай арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў”, якія з’яўляюцца нязменнымі партнерамі ў правядзенні бібліятэчных мерапрыемстваў.

Бібліятэчныя супрацоўнікі падрыхтавалі да вечара электронную прэзентацыю аб жыцці і творчасці паэта, выкарыстаўшы фота- , аўдыя- і відэаматэрыялы, якія маюцца ў бібліятэчным фондзе.

 

“Пазіраю ў сябе і бачу, як тысячагоддзямі хлопчык з блакітнымі вачыма ўглядаецца ў бездань неба і безліч вады ля ног яго пранесла хуткаплынная рака. Знікаюць народы, змяняюцца цывілізацыі, а яго карма – праз вечнасць вартаваць позіркам нявыказанасць…”. Гэтымі словамі паэта-філосафа завяршыўся вечар памяці творцы. А з паэтычнай спадчынай Яна Збажыны можна пазнаёміцца, наведаўшы бібліятэку. Шчыра запрашаем!

Іна Рушніцкая, загадчык аддзела метадычнай і аналітычнай работы ЦГБ імя В. Таўлая

Фота Вольгi Якубовiч, бiблiятэкарf II катэгорыi ЦГБ iмя В. Таўлая



  • Мы в социальных сетях: