Наверх

Крашэўскія і Берасцейшчына

30.07.2012 452 Наш край

Да 200-годдзя з дня нараджэння Юзафа Ігнацыя Крашэўскага.

28 ліпеня споўнілася 200 год з дня нараджэння аднаго з самых вядомых польскіх пісьменнікаў ХІХ стагоддзя – Юзафа Ігнацыя Крашэўскага.

Згодна «Кнізе рэкордаў Гінэса», ён быў найбольш пладавітым пісьменнікам «эпохі гусінага пяра»: яго спадчына складае  больш за 600 тамоў, сярод якіх 223 раманы і аповесці, працы па гісторыі, этнаграфіі, літаратуразнаўстве. Юзаф Крашэўскі падобна сваім сучаснікам – беларуска-польскім пісьменнікам – духоўна лучыў землі, што некалі складалі адзін палітычны арганізм – Рэч Паспалітую Абодвух Народаў, у склад якой уваходзіла ранейшае Вялікае Княства Літоўскае.

Хоць Юзаф Ігнацы Крашэўскі нарадзіўся ў Варшаве, яго жыццё ад пачатку моцна знітавана з Літвой-Беларуссю. Гэта засведчыў нават запіс пра нараджэнне, зроблены ў Кнізе актаў грамадзянскага стану Варшавы 31 ліпеня 1812 года, які адзначае, што бацькам дзіцяці з’яўляецца Ян Крашэўскі, «дзедзіч вёскі Доўгае, якая ляжыць у Пружанскім павеце ў Літве». Варшава стала месцам нараджэння будучага пісьменніка толькі таму, што маленькі двор у Доўгім не быў бяспечным месцам падчас руска-французскай вайны, што пачалася ў чэрвені 1812 года.

З Літвой-Беларуссю звязаны юнацкія гады будучага пісьменніка, перадусім, з трыма мясцінамі: Свіслаччу, дзе закончыў гімназію, Вільняй, дзе вучыўся ва ўніверсітэце,    і з Доўгім.

Згадка бацькоўскага маёнтку ў гэтым пераліку не здаецца  лішняй. Шляхецкі двор першай паловы ХІХ стагоддзя – гэта месца, дзе кіпела культурнае, грамадскае, нават палітычнае жыццё. Двор Яна Крашэўскага быў якраз такім. Даўжанскі пан, паводле звестак сучаснікаў, быў энэргічным, дбайным гаспадаром. У сваім маёнтку Ян Крашэўскі капаў равы для асушэння балот. Ставіў гаспадарчыя будынкі, заклаў нават цукроўню, «адну з першых на Літве», пачаў здабываць торф на апал. Дасканала ведаў лаціну,      няблага – нямецкую і французскую мовы, сябраваў з паэтам Францішкам Карпінскім, частымі яго гасцямі былі суседзі Марачэўскія. Без візітаў абыходзіўся рэдкі дзень.

У гасцінны двор амаль кожны дзень прыязджала дробная шляхта па парады і дапамогу або проста ў адведзіны, з’яўляліся і брычкі саноўнікаў: «Мужык, жыд, дробная шляхта, паўпанкі, магнаты ў шасціконных карэтах і губернатары былі частымі гасцямі ў Доўгім».

У сям’і Крашэўскіх шмат чыталі. Самым улюбёным творам быў «Пан Тадэвуш» Адама Міцкевіча. Кнігі для чытання дзецям падбірала маці, Соф’я Крашэўская.

Якраз у бацькавым маёнтку Юзаф прачытаў свае першыя літаратурныя творы, калі прыязджаў на канікулы з Віленскага ўніверсітэта. Тут з’явіліся яго першыя малюнкі, на якіх былі адлюстраваныя двор і ваколіцы Доўгага.

З 1837 году, пасля шлюбу, пісьменнік жыў на Валыні, але часта прыязжаў у родны фальварак з жонкаю і дзецьмі – Канстанцыяй, Янам, Францішкам.

Значная частка творчасці Юзафа Крашэўскага была прысвечана Літве-Беларусі. Прыкладам могуць быць гістарычныя раманы «Апошнія са слуцкіх князёў», «Жыгімонтаўскія часы», «Кароль у Нясвіжы», навуковая праца «Старажытная Літва. Яе законы, мова, вера, звычаі, песні», этнаграфічныя распрацоўкі. Крашэўскі, хаця сам пісаў па-польску, прыхільна ставіўся да беларускамоўнай творчасці сваіх сучаснікаў.

Здольнымі да мастацтва і навукі былі і іншыя два сыны Яна Крашэўскага – Каятан і Люцыян. Каятан – вядомы як астраном, пісьменнік, кампазітар. Ён заснаваў у Доўгім астранамічную абсерваторыю. Люцыян – таленавіты мастак. Ілюстраваў аповесці старэйшага брата. Аднак ні Каятан, ні Люцыян не маглі пахваліцца такімі талентамі і вядомасцю, як іх брат Юзаф.

У другой палове ХІХ стагоддзя маёнтак Крашэўскіх у Доўгім заняпаў. У 1863 годзе з’ехаў у эміграцыю Юзаф Крашэўскі, у 1864 – памёр стары гаспадар Ян. Над фальваркам, фактычным уладальнікам якога быў Люцыян, вісела пагроза канфіскацыі за дапамогу паўстанцам і перахоўванне зброі. Пазбегнуць канфіскацыі ўдалося таму, што маёнтак быў запісаны на памерлага бацьку. Сам Люцыян за ўдзел у паўстанні апынуўся ў Сібіры.

Галоўным захавальнікам родавай спадчыны стаў Каятан. Пасля ўладкавання ўсіх пытанняў адносна маёмасці якраз ён зрабіўся ўладальнікам даўжанскага маёнтка. У 1880-я, жывучы ў Доўгім, Каятан напісаў некалькі артыкулаў, аповесцяў і гістарычных абразкоў.  Памёр Каятан Крашэўскі 1 ліпеня 1896 года ў суседнім Купліне. Пасля яго смерці маёнткам валодаў сын Багуслаў, пазней – унучка Марыя.

Сядзіба Крашэўскіх была знішчана ў віхуры падзей першых дзесяцігоддзяў ХХ стагоддя. Крыніцы сцвярджаюць, што гэта адбылося ў 1915 годзе, у час нямецкага наступлення. Мясцовыя людзі, аднак, звязвалі гэта з падзеямі савецка-польскай вайны 1920 года. Грошай на аднаўленне не было ні ў гаспадыні, ні ў дзяржавы, якая толькі-толькі ў канцы 1930-х пачынала рупіцца пра помнікі мінулага. Астатняя даўжанская Крашэўская жыла больш сціпла, чым шляхта ў суседніх маёнтках. Кідалася, напрыклад, у вочы тое, што гаспадыня даўжанскай сядзібы па-старому карысталася коньмі, у той час калі яе суседзі ўжо мелі ўласныя аўтамабілі.

У 1939  годзе, пасля пры-ходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь, апошняя прадстаўніца роду была выслана з родных мясцін углыб СССР. Пасля Другой сусветнай вайны сцены маёнтка з ініцыятывы кіраўніцтва заснаванага тут калгаса былі разабраны на цэглу і прададзены. Цяпер толькі алея старасвецкіх ліп і два  некалі ручна капаных стаўкі нагадваюць пра мінулае гэтых мясцін.



  • Мы в социальных сетях: