Наверх

Аўтограф

01.08.2011 519 Наш край

У дамашней бібліятэцы былога супрацоўніка нашай газеты, ветэрана беларускай журналістыкі Михаіла Жукава сярод кніг з дароўнымі надпісамі захоўваецца і раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» з сваеасаблівым аўтографам аўтара. Нашых чытачоў, напэўна, зацікавіць, з якой нагоды быў зроблены гэты аўтограф. 

Мне вельмі шанцуе на добрых людзей. Дзякуючы ім жывецца лягчэй і весялей.

Адным з такіх людзей для мяне стаў Адам Мальдзіс. Больш спагадлівага, бескарыслівага чалавека, як ён, які заўсёды гатовы працягнуць табе руку дапамогі, я не ведаю. А ягоны мяккі гумар, уменне пажартаваць, у тым ліку і над сабой!.. Не кожны, з кім мы штодзённа сутыкаемся, валодае такімі рэдкімі якасцямі характару.

Такія ж людзі, як ён, гуртуюцца і вакол яго самога, дзе б ён ні жыў і працаваў. Яны прыцягваюцца адзін да аднаго як магніт. Іх у Адама Мальдзіса вельмі многа. Але, мне здаецца, больш блізкага, чым Уладзімір Караткевіч, у яго ніколі не было. Іх аб’ядноўвала роднасць душ, духоўная сувязь.

Такую выснову я зрабіў, цесна кантактуючы з імі абодвума, калі мы ці то ў адасобленай мужчынскай кампаніі, ці разам са сваімі жонкамі бавілі час за якой-небудзь цікавай гаворкай або за сталом з нагоды майго прыезду. Дарэчы, калі я наведваўся да Адама Мальдзіса і прадбачылася нейкае застолле, ён тэлефанаваў Валодзю (нейкі час яны жылі па-суседску). Той не прымушаў сябе чакаць, прыходзіў адзін ці з жонкай Валянцінай Браніславаўнай нават тады, калі з-за гэтага даводзілася перапыняць працу за пісьмовым сталом. Таварыская салідарнасць для Уладзіміра Караткевіча не была пустым гукам. Ягоная даступнасць і прастата ва ўзаемаадносінах уражвалі і здзіўлялі.

А з Адамам Мальдзісам мы зблізіліся яшчэ ў 1956 годзе, калі пасля заканчэння аддзялення журналістыкі філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта ён стаў адказным сакратаром Радашковіцкай раённай газеты «Сцяг Ільіча» (былая Маладзечанская вобласць), дзе я ў той час працаваў. Сышліся мы вельмі хутка, дружылі сем’ямі.

Менавіта дзякуючы Адаму Мальдзісу я пазнаёміўся з Уладзімірам Караткевічам.

У 1960–1966 гадах я вучыўся завочна на аддзяленні журналістыкі БДУ, штогод зімой і летам прыязджаў на экзаменацыйныя сесіі і ніколі не прамінуў выпадку наведаць Адама Мальдзіса. Дарэчы, рабіў гэта і пазней, калі бываў у Мінску па якіх-небудзь справах.

Вось і ў той раз, прыехаўшы ва ўніверсітэт, зазірнуў з самай раніцы да Адама Мальдзіса, які тады жыў у інтэрнаце для маласямейных супрацоўнікаў АН БССР на вуліцы Акадэмічнай. Адам быў дома адзін, без жонкі. Ягоная Марыя Карлаўна пайшла ўжо на работу. Ну а калі сыходзяцца два сябрукі, якія доўга не бачыліся, ды яшчэ без жаночага вока, тут без бутэлькі не абысціся.

Я не ведаў, што напярэдадні гаспадар дапазна сядзеў з Уладзімірам Караткевічам у Рыгора Барадуліна – адзначалі Чысты чацвер. Рассталіся дзесьці а другой гадзіне ночы. За ўсё гэта ўляцела, вядома, Мальдзісу ад жонкі, а Караткевічу – ад маці.

Перад маім прыходам Адам ужо збіраўся на работу і даволі крытычна ацаніў пастаўленае мною на стол. Але, відаць, падумаўшы пра Уладзіміра Караткевіча, у якога, напэўна ж, таксама развальвалася галава, сказаў:

– Пакуль я буду рыхтаваць закусь, ты схадзі да якога тэлефона-аўтамата і пазвані Уладзіміру Караткевічу, ну, гэтаму, вядомаму клясыку. Вось табе яго тэлефон. I прыдумай нешта такое, каб ён маланкай быў тут. 

Праз колькі хвілін паміж мной і пісьменнікам адбыўся вось акі дыялог:

– Алло!.. Это квартира писателя товарища Корот… Короткевича? 

– Так, а хто са мной размаўляе? 

– С вами говорит лечащий врач.

– Чый… лечачы доктар?

– Скажите, у вас был друг по фамилии Мальдис?

– Што значыць быў? А-а… — тут Караткевіч, мабыць, успомніў цьмянае ўчарашняе-сённяшняе развітанне. — А ў якой ён бальніцы?

– Он не в больнице. Он дома. 

– А-а чаму дома?

– Потому что безнадежен. И срочно ждет вас, чтобы отписать вам свою библиотеку… 

I, павесіўшы трубку, я вярнуўся да Мальдзіса.

– Ну што, дазваніўся? — спытаў гаспадар.

– Зараз будзе, — адказаў я, не ўдаючыся ў падрабязнасці.

I пакуль Мальдзіс шчыраваў ля халадзільніка, заглыбіўся ў выпадковую газету.

Між тым падзеі разгортваліся з нарастаючай хуткасцю. Як я даведаўся пазней, не дужа давяраючы дзіўнай тэлефоннай размове, Караткевіч пазваніў на працу Мальдзісу, у Iнстытут літаратуры.

– Няма, – адказалі там. – Дзіўна, але не было яго сёння.

Тады Караткевіч тэрмінова звязаўся з Барадуліным. Той у момант аказаўся на вуліцы Чарнышэўскага. I абодва, устрывожаныя (ці мала што магло здарыцца пасля таго развітання!), пашыбавалі на Акадэмічную. А насустрач ім ідзе жонка Мальдзіса, не дужа каб у гуморы.

– Што з Адамам? — гукнуў яшчэ здалёку Караткевіч. Марыя Карлаўна толькі махнула рукой. У сэнсе: а ну вас!..

Караткевіч жа і Барадулін зразумелі жэст іначай: безнадзейна. І пашыбавалі яшчэ хутчэй.

Без званка, без стуку ўварваліся ў пакой. I бачаць: Мальдзіс рэжа сала на закусь. Ледзь не рыдаючы, Караткевіч разварочваецца і дае гаспадару аплявуху (потым я даведаўся: першую і адзіную), думаючы, што гэта ён аўтар розыгрышу.

Давялося мне прызнацца ва ўсім. Караткевіч, сеўшы за стол, хутка змяніў гнеў на міласць. А Барадулін— той нават пажартаваў:

– Гэта ты, Валодзечка, стукнуў таму, што табе Мальдзісава бібліятэка не дасталася…

Гэты розыгрыш аніяк не паўплываў у далейшым на адносіны Уладзіміра Караткевіча да мяне, яны заўсёды былі добразычлівымі. Але зусім забыцца пра той выпадак ён, мабыць, не мог. Праз колькі гадоў, уручаючы мне першую кніжку свайго рамана «Каласы пад сярпом тваім», якая толькі што выйшла з друку, ён прыгожым дробным почыркам учыніў такі надпіс на тытульнай старонцы: «Паважанаму сябру Мішу Жукаву (з-за якога я аднойчы ледзь не забіў найлепшага сябра… 3-за якога я аднойчы ледзь не пагарэў з гэтым найлепшым сябрам… I які, аднак, харошы, слаўны чалавек) — Ул. Караткевіч. 1 лютага 69-га».

Як я зразумеў, у першым з узятых у дужкі сказаў ён мае на ўвазе менавіта той выпадак, пра які я расказаў вышэй, а ў другім намякае на нешта іншае, пра што ўжо забылася. У апошніх жа словах згаданага аўтографа Уладзімір Сямёнавіч даў зразумець, што не трымае на мяне злосці за той жарт.

Гэты аўтограф я берагу як самую дарагую рэліквію са шкадаваннем, што Уладзіміра Сямёнавіча больш няма сярод нас. А ўрэшце, такія людзі, як Караткевіч, не паміраюць. Яны жывыя тым, што засталося пасля іх.

А што тычыцца жартаў, дык, напэўна, у кожнага чалавека хоць раз у жыцці яны, не вельмі ўдалыя, здараліся. Ды ці ж можна загадзя прадбачыць, чым кожны з іх абернецца і для таго, над кім жартуюць, і для таго, хто жартуе. Толькі ўсведамляючы гэта, знаходжу суцяшэнне ад таго, што адбылося пры нашым знаёмстве з Уладзімірам Караткевічам.



  • Мы в социальных сетях: